Народны аматарскі калектыў маладзёжная студыя моды “Купава”:
дэкаратыўна-прыкладная творчасць - аб'яднанне па інтарэсах "Натхненне", кіраўнік Бяленік Святлана Рыгораўна;
дэфіле - аб'яднанне па інтарэсах "Вобраз" , кіраўнік Полудзень Элеанора Валер'еўна;
харэаграфія - аб'яднанне на інтарэсах "Пазітыў", кіраўнік Давыдава Вера Уладзіміраўна.
Маладзёжная студыя моды “Купава” была створана ў 2001 годзе пад кіраўніцтвам выпускніцы ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны педагагічны каледж” Маёравай Наталлі Алегаўны. Тэатральныя пастаноўкі з выкарыстаннем зробленых калекцый касцюмаў адразу знайшлі сваіх прыхільнікаў і гледачоў. “Купава” з’яўляецца неаднаразовым пераможцам абласных аглядаў-конкурсаў сярод калектываў тэатраў мод. У 2008 годзе студыя атрымала ганаровае званне “народны аматарскі калектыў”. Кіраўніком студыі з 2009 года з’яўляецца Бяленік Святлана Рыгораўна.
Ідэя стварэння касцюмаў з саломкі зарадзілася задоўга да таго, як увасобіцца ў жыццё. За многія гады ў стваральніка студыі Маёравай Наталлі Алегаўны накапілася нямала ведаў, уменняў i навыкаў у розных відах рамёстваў, што паспрыяла стварэнню першай калекцыі вобразаў “Саламяная феерыя”. Непасрэдна для гэтага мастак-дызайнер студыі, на той момант Бяленік Святлана Рыгораўна, распрацавала новую тэхніку ў аплікацыі саломкай - аб’ёмныя кветкавыя кампазіцыі i арыгінальныя саламяныя галаўныя ўборы. У сваю чаргу гэта дало магчымасць выкарыстоўваць i спалучаць адразу некалькі напрамкаў дэкаратыўнай творчасці: макрамэ, саломапляценне, аплікацыю саломкай, вышыўку, вязанне i г.д.
У студыі займаюцца школьнікі ад 9 да 17 гадоў. Удзельнікі калектыву надаюць увагу калекцыям, зробленым з рэчаў, якія ўжо не ўжываюцца: поліэтылену, СD-дыскаў, паперы, пластыкі i г.д. Ёсць у студыйцаў i калекцыі, пашытыя з тканіны.
На занятках студыі ўсе навучэнцы займаюцца нарыхтоўкай i апрацоўкай саломы i iншага прыроднага, а таксама дадатковага матэрыялу. Сумесна з мастацкім кіраўніком яны распрацоўваюць эскізы, абмяркоўваюць асаблівасці пашыву i дэкору касцюмаў, уносяць свае заўвагі, пажаданні, змяненні i дапаўненні ў прапанаваны варыянт касцюма.
У адпаведнасці са стылем i асаблівасцямі мадэляў падбіраецца музычнае суправаджэнне, ажыццяўляецца пастаноўка нумароў. Выхаванцы наведваюць заняткі аэробікі i шэйпінгу, вучацца акцёрскаму i сцэнічнаму майстэрству, вывучаюць гісторыю нацыянальнага касцюма. Кожнаму ўдзельніку студыі даецца магчымасць не толью стварыць, але i прыгожа прадэманстраваць касцюм.
Галоўнымі мэтамі i задачамі студыі з’яўляюцца: прапаганда беларускай культуры, захаванне i развіццё традыцыйных нацыянальных рамёстваў; навучанне дзяцей i моладзі прыёмам авалодвання традыцыйнымі беларускімі рамёствамі, такімі як саломапляценне, аплікацыя саломкай, вышыўка, выцінанка i г.д.; азнаямленне з рамёствамі iншых народаў - макрамэ, фларыстыка, вязанне; зарыентаванне выхаванцаў на самастойную творчасць; садзейнічанне далейшаму развіццю асобы.
Студыя моды “Купава” з'яўляецца лаўрэатам і дыпламантам штогадовых рэспубліканскіх і абласных конкурсаў і фестываляў дзіцячай творчасці: абласнога конкурсу-выставы “Лёд.Цветы.Фантазия”, абласнога фестывалю-конкурсу “Святочныя забавы”, рэспубліканскага конкурсу тэатраў мод “Юныя таленты Беларусі”, рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Здравствуй, мир!”, абласнога фестывалю юных дызайнераў і мадэльераў “Жывіца”; абласнога конкурсу юных фларыстаў-аранжыроўшчыкаў “Цветы, красота, творчество”, рэспубліканскай выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”.
Калекцыя “Саламяная феерыя” неаднаразова дэманстравалася па Гродзенскім тэлебачанні, каналах СТВ, TVP, стала лаўрэатам прэміі “Mic Кураж” Рэспубліканскага конкурсу “Калейдаскоп фантазіі”. Адзначана дыпломам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь i Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці.
Для напрацоўкі сцэнічнага вопыту выхаванцы калектыву з’яўляюцца ўдзельнікамі культмасавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца аддзелам адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама і ДУА “Гродзенскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”, а таксама мерапрыемстваў абласнога ўзроўню.